АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,

даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)